У 2005 г.выйшаў курс лекцыяў прафесара геаграфічнага факультэту БДУ І.Пірожніка пад назваю “Проблемы политической географии” – накаладам усяго 200 асобнікаў. Аўтар рэцензіі, Віталь Куплевіч, некалькі разоў перачытаў гэтае выданьне ў спадзеве знайсьці пастаноўку актуальных праблемаў палітычнай геаграфіі ды аўтарскую спробу іх разьвязаньня. На жаль, зьмест прафесарскіх лекцыяў не адпавядае іх назьве. Больш за тое, тэксты лекцыяў напісаныя так скаладана, што аўтар ня ўпэўнены, што іх адолее кожны студэнт.
Вядома, што палітычная геаграфія – аб’ектыўная навука, якая вывучае абшаравую (у т.л. тэрытарыяльную, акватарыяльную, паверхневую) арганізацыю палітычных супольнасьцяў на геаграфічнай абалонцы Зямлі. Геапалітыка ўяўляе зь сябе практычны кірунак палітычнай геаграфіі, а правільнасьць тых ці іншых геапалітычных распрцовак, канцэпцыяў, дактрынаў пацьвярджаецца практыкаю. Нават працы сусьветна вядомых геапалітыкаў (Рацэля, Чэлена, Мэхэна, Гаўсгофэра, Макіндэра, Бжазінскага) ня  варта прымаць некрытычна.
Таму не магла не зьздівіць геапалітычная частка лекцыяў, што займае каля 70 старонак з больш як 220. У дзесятай тэме, якая называецца “Геапалітычнае становішча краінаў СНД: умовы фармаваньня і шляхі эвалюцыі”, выкладаюцца тыпова прарасейскія, дэфакта імперскія геапалітычныя ідэі, што на той момант супадалі з афіцыйным курсам. Калі б сыстэматычна выкладаліся іншыя праграмы, якія існуюць у беларускім грамадзтве: ІЗАЛЯЦЫЯНІСЦКАЯ, ПРАЭЎРАПЕЙСКАЯ, БАЛТЫЙСКА-ЧАРНАМОРСКАЯ і г.д., то праца мела б навуковую вартасьць. Але пераважае надзвычай тэндэнцыйнае, аднабаковае асьвятленьне тэматыкі.
Гэтае выданьне не было б вартае ўвагі, каб не наступная акалічнасьць. У 2008 г. кніга Івана Іванавіча Пірожніка выйшла другі раз накладам 1000 асобнікаў у амаль неперапрацаваным выглядзе – была зацьверджаная Міністэрствам адукацыі Рэспублікі Беларусь як навучальны дапаможнік. Аўтар другі раз не замахнуўся на асьвятленьне “Проблемы политической географии”, назваўшы свой твор больш сьціпла – “Геополитика в современном мире”.
Прафесар Пётар Эбэргарт з Польскай Акадэміі навук назваў гэтую кнігу Пірожнікава “брэжнеўскаю”, не каментуючы яе зьместу.
Зьвернемся да выкладзеных у рэцэнзаванай кнізе тэзісаў. Што можна сказаць пра расьсяленьне народаў былога СССР пасьля яго распаду, а таксама “расчляненьне арэалу расьсяленьня рускага народу” – ці гэта актуальна для беларусаў? Для Расеі гэтая праблема набалелая, бо мільёны расейцаў (што былі паноўным імпэрыятворчым элементам у Расейскай імпэрыі і СССР) пасьля распаду СССР у новых дзяржавах сталі меншасьцямі. Перад імі паўстала дылема: інтэграцыя ў новыя супольнасьці або рэпатрыяцыя ў матчыну дзяржаву.
Між іншым, на с. 126 чытаем” “У заходнім рэгіёне, дзе развіцьцё інтэграцыйных працэсаў Беларусі і Расеі служыць стратэгічным інтарэсам двух братніх народаў...” Дзе знаходзіцца заходні рэгіён, вызначце яго абшары і межы, напішыце, паводле якой рэгіяналізацыі (магчыма, існуе рэгіяналізацыя, зацьверджаная ў СНД або распаўсюджаная сярод аўтарытэтных географаў) ?
Нарэшце, аўтар называе дзяржавы Закаўказьзя і Сярэдняй Азіі “мяккім паўднёвым падбрушшам”. Цікава было б даведацца, чыім падбрушшам.
Далей цытуем І.Пірожніка:
На новых рубяжах Расеі зьявіўся шэраг эканамічна слабаразьвітых малажыцьцяздольных  краінаў (Армэнія, Кіргізія, Азэрбайджан, Таджыкістан)...
Са школы вядома, што тры з чатырох гэтых дзяржаваў ня маюць супольных дзяржаўных межаў з Расеяй. Што гэта – новае разуменьне рубяжоў Расеі, якое ўключае ў сябе абшары сувэрэнных дзяржаваў Каўказу і Сярэдняй Азіі? Або паўстала новая максімалістычная канцэпцыя рубяжоў Расеі, накшталт нямецкай Mitteleuropa? Толькі ахарактарызаваўшы геапалітычнае становішча Расеі, аўтар перайшоў да геапалітычнай арыентацыі Беларусі.
У яго няма ні грунтоўнага аналізу Ўсходняй Эўропы, ні эўрапейскай цывілізацыі, ні зьменаў абшараў і межаў палітычных утварэньняў на этнічнай тэрыторыі беларускага народу, хоць палітычная  геаграфія вялікую ўвагу надае палітычным межам і іх зьмяненьням.
Сярод выкарыстанай аўтарам літаратуры пераважаюць расейскія выданьні, з чаго можна зрабіць выснову, што І.Пірожнік слаба ведае эўрапейскую літаратуру на гэтую тэму або сьвядома арыентуецца на апублікаваныя ў Расеі выданьні, дзе не хапае комплексных працаў пра пэўныя рэгіёны.
На Захадзе выйшлі груноўныя дасьледваньні ў галіне палітычнай геаграфіі і геапалітыкі. Дастаткова згадаць працы Тэйлара, Флінта, Кокса, Отака, Рыкеля, Эбергарта і шмат іншых. Шмат вартага ў даробку Нормана Дэйвіса і нават Зьбігнева Бжазінскага. На жаль, гэтых публікацыяў І.Пірожнік ніях не ўлічыў.
У Беларусі за працы з палітычнай геаграфіі браліся гісторыкі – і дасягалі добрых вынікаў. Агульная хіба нашых эканамічых і сацыяльных географаў – слабое веданьне беларускай гісторыі і мовы. Каб Беларусь стала нацыянальнай дзяржавай, трэба рыхтаваць спецыялістаў у галінах “геаграфіі і гісторыі”, “геаграфіі і мовазнаўства”, “геаграфія і беларусістыка”, іначай мы па-ранейшаму будзем асуджаныя на брэжнеўскую геапалітыку.

Віталь Куплевіч. Навуковы, навукова-папулярны, грамадзка-палітычны і літаратурна-мастацкі часопіс “ARCHE Пачатак”.(1-2 2009)